Нацэленыя ў неба вежы
прыціхлі, і між іх наўпрост
у Стара Места вецер свежы
бяжыць з Градчан праз Карлаў мост.
Ах, Стара Места — град гасцінны,
мярэжы чарапічных стрэх,
касцёлы,
плошчы — як хусцінкі...
Тут з верай быў у згодзе грэх;
тут кожны крыж і кожны камень
за тысячу мінулых год
такімі кратаўся рукамі,—
хоць у музей бяры яго.
З разважлівасцю беларускай,
не верачы ў наяўнасць дзіў,
калісьці тут па вулках вузкіх
Купала стомлены хадзіў.
Была тады інакшай Прага:
не гэткай люднай, як цяпер.
не гэткай стрыманай на брагу,
не гэткай шчодрай на давер.
Сям-там яшчэ ўздыхала гора
і блякла ўцеха пазалот...
Але прарочыў Йозаф Гора
вясны бурлівае прыход.
Пясняр сахі і навальніцы,
выразнік мар людскіх і дум,
ён слухаў «Песні будаўніцтву»,
нібы з чароўнае крыніцы
піў жыватворную ваду.
І шчырыя радкі Купалы
на чэшскай мове паўтараў,
каб старамесцкія кварталы
маглі іх браць для пільных спраў.
А сёння на тых вузкіх вулках
шмат сонца і кароткі цень,
гурбой паэты на прагулку
сюды кіруюць кожны дзень.
Спяваюць звонка, як цымбалы,
над Влтавай стрункія масты...
Калісьці тут хадзіў Купала —
нястомны сейбіт дабраты.