Можна птушку выляпіць з гліны,
можна фарбамі намаляваць,—
будзе птушка нібыта жывая,
ды не зможа лятаць і спяваць.
*
Дзе моцны дух, там тонкі нюх
і гонар шчэ не страчаны.
Арол не ловіць, кажуць, мух,
а леў не есць здыхляціны.
*
Маланка
старой не бывае —
маланка
ў палёце згарае.
*
Як грыўні са сталоў,
з роўнядзі азёр
зграбу ў сваю далонь
звон спелых зор.
*
Не вер вятрам ты ні на грам,
ім вернасць — не радня:
у лес зайсці ёсць сотні брам,
для выхаду ж — адна.
*
Ні зрокам, ні слыхам
не ахопіш акіян,
як бязмежнае глупства,
як бясконцы падман.
*
Адпачніце, стомленыя струны!
Не далі вы гучнай славы мне,—
як жаўрук над аксамітнай рунню,
непрыкметны доўга я звінеў.
*
Калі ў душы ты маеш веру,
што будзеш вечна маладой,—
хваробу вылечыш любую
вадою простай ключавой.
*
Прапахла воскам пожня
і мёдам — сенажаць.
Хоць мне жаніцца позна,
ды рана паміраць
*
Зноў дома я. Лікуй, душа і цела!
Ды штось няветліва сустрэла поле:
яно нядаўна коласам звінела,
іржэўнікам цяпер мне ногі коле.
*
Ах,як неахвотна
збірацца мне туды,
куды вядуць турботна
пражытыя гады!
*
І адно цяпер імкненне:
скінуць кайданы надзей,
чалавечага сумлення
не згубіць у судны дзень.