Гудзела ў святы вулеем пчаліным
карчма з лагоднай назваю — «Вчэла»,
што клубам, зборняй гарнякоў была,
гулялі ў ёй вяселлі і радзіны.
Хто ж мог падумаць, што навек застыне
слязой журбы вішнёвая смала,
што каты спаляць Лідзіцэ датла,
і змоўкнуць расстраляныя мужчыны...
Над дзяцельнікам кружыцца пчала;
як цень празрыстага яе крыла,
сляза спагады коціцца ў даліну.
Трывожыць сэрца памяць не пакіне...
Ахвяраў позіркі пад смуткам шкла,
а побач — урна з попелам Хатыні.