Мемуары піша Клоп
пра Сумленнага Мікіту:
«Быў Мікіта хлебароб,
на загонах сеяў жыта,
сеяў проса і гарох,
карчаваў хмызняк са спрытам,
працаваў адзін за трох,
еў таксама з апетытам:
умінаў за дзве шчакі
бульбу-юшкай,
бульбу-кашай,
маласольныя гуркі
і цыбулю з сыраквашай.
Я ж у шчыліне сядзеў,
на сваё ўсё бачыў вочы;
сустракаўся з ім штодзень,
а дакладней —
кожнай ноччу,
бо на тое ж я і Клоп,
каб з людзьмі быць у яднанні...
Як пачую,
што захроп,—
так і цягне на спатканне.
Без Мікіты жыць не мог,
да яго душа ляцела...
Прыпаўзу —
ён спіць, як бог,
я — пад коўдру і да цела...
Ну, ды што я пра сябе,
мемуары ж — пра Мікіту.
На касьбе і малацьбе
быў Мікіта працавіты.
Я дружыў з ім колькі год,
дружба мне давала крылы,
і салодкая,
як мёд,
кроў яго мяне жывіла!»