Над Лабай дзень стаіць высокі.
Над Лабай плавяцца аблокі.
Над Лабай сонца —спелай ружай
Над Лабай мірна бусел кружыць.
Ля Лабы кучаравіць хмель.
Ля Лабы — поплаў, як пасцель.
Ля Лабы — спелы шум садоў.
Ля Лабы — поціск рук сяброў.
За Лабай — горы некрутыя.
За Лабай — нівы залатыя.
За Лабай марыва трапеча.
За Лабай — новыя сустрэчы.
А паміж Лабаю і мной
блукае мроя — вобраз твой,
такі мне блізкі
і... далёкі!
Над Лабай дзень стаіць высокі...