На вякі дала нам прыклад Спарта,
як гартоўкай сілу берагчы.
Бегам ратавацца ад інфаркту
раяць і сучасныя ўрачы.
Тут навука простая, як рэпа:
каб сагнаць залішні ўвесь цяжар,
збудаванняў і прылад не трэба —
з ложка, у трусах — на тратуар.
Бегай, калі хочаш быць у норме,
з асалодай аж да смерці жыць.
Бегай, хай якое там надвор’е:
золь, мароз ці дробны дождж імжыць.
Бегай раніцой і надвячоркам,
не зважай на кепікі мяшчан,
прабівай стралой ружовашчокай
алкагольнай сытасці туман.
Сталасць адзначаецца не плехам,
старасць — не гушчэчай сівізны...
Ратавацца ад інфаркту бегам
я пачну...
з наступнае вясны.