Чакаю, веру я: на дачу
прыедзеш да мяне вясной,
калі на выгалах прыгрэтых
цячэ бярозавік з бяроз.
І мы з табою разам пойдзем
насустрач промням залатым.
Я пакажу табе сцяжынку
да чыстых ледзяных крыніц
і навучу цябе выходзіць
з гушчэчы сноў і дум цяжкіх.
Палюбіш ты святло пралесак
між ціхіх прыцемкаў ялін
і птушку вечную — сароку,
якая ў вырай не ляціць.