epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Маці касманаўта

Віток за вітком,

віток за вітком

вакол планеты

аблятае твой сын,

як зусім нядаўна

крок за крокам

ножкамі перабіраў

па вымытай падлозе —

хадзіць вучыўся.

 

Віток за вітком,

віток за вітком...

 

А нядаўна зусім

з табою сядзеў на прызбе,

лушчыў фасолю

стручок за стручком

і да бубачкі бубачку

клаў у гліняную міску.

 

Віток за вітком,

віток за вітком...

 

Як нядаўна зусім,

падкурчыўшы ногі,

сядзеў за сталом

і на паперы выводзіў

да літары літару

першае слова — МАМА.

 

Віток за вітком,

віток за вітком...

 

Як год за годам

і клас за класам...

Не без бядот і трывог:

то цяжка хварэў на адзёр,

то сабакі кручанага напалохаўся,

то праваліўся зімою ў палонку...

 

Віток за вітком,

віток за вітком...

 

...Вось і вырас,

роўны з бацькам,

амаль мужчына,

ды ўсё ж яшчэ горкае дзіця...

Куды ж такому ехаць

аднаму

ў белы свет?..

 

Віток за вітком,

віток за вітком...

 

Пісьмо за пісьмом

прысылаў з далёкага горада

то часта,

то зусім рэдка.

Суседкі суцяшалі:

«Доўга не піша — добра жыве,

а бяда напаткае —

адразу ўспомніць матулю».

 

Віток за вітком,

віток за вітком...

 

Прыходзяць суседзі,

віншуюць,

з павагаю велічаюць па-бацьку

і пашанліва дадаюць:

— Матуля касманаўта.

А ў голаў лезуць

зямныя турботы:

а хто яму там шкарпэткі памые?

Хто згатуе абед,

пасцеле пасцель?..

 

Віток за вітком,

віток за вітком...

 

Лічыць матуля гадзіны,

чакае ля тэлевізара

перадачу «Час»,

калі пакажуць яго

адтуль

на імгненне нейкае...

Здаровы, вясёлы,

усміхаецца,

перадае ёй прывітанне...

Дзякуй, сынок!

Можа, ты і герой,

можа, ты і касманаўт,

а я ж — проста маці,

для мяне ты — толькі сын,

родная крывінка...

 

Віток за вітком,

віток за вітком...

 

Цякуць слёзы радасці,

а сэрца спакою не мае,

ноччу спаць не дае

спрадвечная матчына трывога...

 

Віток за вітком,

віток за вітком —

бліжэй да Славы

ляціць твой сын.

Твой!

А вернецца на Зямлю

сынам усяго Чалавецтва.