Вечарам,
калі туманы прыцягнуць з лагчын свежасць,
а ўсе скнары замкнуць дзверы на замок
і на мулкіх ложках будуць сніць
уяўнае сваё багацце,—
мы з табой
пойдзем за ваколіцу,
дзе мёдам пахне луг
і ў алешніку аж заходзяцца салаўі;
на маладой траве
ты абдымеш мяне,
акрыеш цёплай хусцінай свайго пачуцця
і як гаспадыня
павядзеш у жаданы дом,
які завецца каханнем...
І калі апошняя маланка
пакіне тваё дрыготкае цела,
мы ўбачым раптам над сабой
зорнае неба,
такое блізкае,
як дрэва, асыпана росамі.
Заснем мы ў сусвеце.
І будуць нам сніцца
толькі зоркі.