epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Марскі санет

На моры не бывае цішыні...

Гайдаецца зялёнае бязмежжа,

карункі вяжа з пены беласнежнай.

Па грэбнях скачуць водбліскі-агні.

 

Калі плывеш па роўнядзі мярэжнай,

цвярозымі вачмі пад кіль зірні,—

і ўбачыш, як у цёмнай глыбіні

віруюць сілы вольніцы мяцежнай.

 

Яны збяруць у гурт свой дзікі хмель,

знянацку ўдараць у абшыўку шквалам.

Па швах аж затрашчыць

твой карабель,

узняты на дыбы дзевятым валам.

 

...А заўтра хвалі подыхам апалым

яго, як трэску, выкінуць на мель.