Яна ішла па кладцы хісткай,
Венера мядзельскіх азёр,
бы ў цырку спрытная артыстка
па тонкім дроце ў ззянні зор.
Нейлонавы купальнік чорны
прыгожа станік аблягаў.
Уроскід рукі.
Непакорна
адкінутая галава.
Па вуснах зайчыкі гулялі,
што праз альховую ліству
прабіліся з касмічных даляў,
каб памаліцца хараству.