Між Дняпром і Сожам
гэткія бары:
заблудзіцца можна
ў цёмным гушчары.
Між Дняпром і Сожам
гэткія палі:
каласіцца збожжа,
гнецца да зямлі.
Між Дняпром і Сожам
гэткія лугі,
што з травы мурожнай
не падняць нагі.
Між Дняпром і Сожам
гэткія сады,—
тонуць у іх вёскі,
тонуць гарады.
Між Дняпром і Сожам
шмат крутых дарог,
што былі прычынай
матчыных трывог.
Між Дняпром і Сожам
войны адгулі,—
косці зграй варожых
тлеюць у зямлі.