Мне сівізна — не навіна,
а даўняя радня.
Была вясна — гула вайна,
мог спапялець штодня.
І ў летні дзень — кароткі цень:
жніво ды сенакос.
Вёз без падмен у дождж, сухмень
турбот паўнюткі воз.
А ўвосень зноў — на збор пладоў.
Ад золкае расы,
ад туманоў, ад маразоў
бялелі валасы.
Лёс не браню — а сівізну
даў на апошні крок,
каб у зіму я сігануў,
як заяц-белячок.