Мне сніліся рукі твае —
пяшчотныя і нясмелыя,
кволыя,
ціхія,
белыя.
Мне сніліся рукі твае —
даверлівыя і гарачыя,
смуглыя,
мяккія,
ўдзячныя.
Мне сніліся рукі твае —
спакуслівыя і прынадныя,
гнуткія,
палкія,
ўладныя.
Мне сніліся рукі твае...
А я не ўтрымаў цябе, родную,
сваімі рукамі халоднымі...