На Дуклянскім перавале
вятрыскі спыняюць бег...
На Дуклянскім перавале
слава
і тая ў журбе...
На Дуклянскім перавале
рассыпаўся звон жаўрукоў...
Грудзямі тут фронт прарывалі
салдаты гвардзейскіх палкоў.
Мы помнім — палегла іх колькі,
і помнім мы — колькі прайшло...
Тут абеліскі і ёлкі
вартуюць квяцісты лог,
дзе «тыграў» і «фердынандаў»
спыніўся бясслаўны паход, —
агнём бранябойных снарадаў
прабіта браня навылёт;
ля гусеніц рваных, іржавых
рамонкі, як зоркі, цвітуць,
буяюць высокія травы
і глушаць тугу-немату.
А горы ўсе сонцам заліты,
сінеюць у дрогкай смузе...
Цяпер тут, пад небам адкрытым,
адкрыты
ваенны музей.
Дасведчаных экскурсаводаў
паслухай, а сам—уяві,
чаму для славянскіх народаў
ты — брат па крыві.