Раз, два!
Левай!
Правай!
Успамінаю маладосць,
іду паходкай жвавай,
на поўныя грудзі ўдыхаю свежае паветра.
Незляжалы снег парыпвае ветла.
А навокал —
такая прыгажосць:
белыя далі, сінія цені!..
Думкі заснулі...
Не спяць летуценні:
бачу сябе багатым і знакамітым,
лаўрамі ўвітым
аўтарам бессмяротнага праекта,
які вызваліць тысячы рук ад цяжкой
працы...
Мае партрэты — ва ўсіх газетах...
Усе рэпрадуктары крычаць мне:
«Слава! Слава! Слава!»
Раз, два!
Левай!
Правай!
Якая прыгажосць:
сінія цені, белыя далі!..
Суровую рэчаіснасць яны нагадалі:
прыйшла яшчэ адна зіма,
падсыпала мне сівізны ў скроні,
а ў мяне як не было, так і няма
вялікага плёну:
добрыя задумы пакрыліся плесняй
іржавай,
гусцее на карку абыякавасці поўсць...
Раз, два!
Левай!
Правай!
Якая прыгажосць:
белыя далі, сінія цені,
сінія цені, белыя далі...
Далі...
Цені...
Белыя...
Сінія...
Сінія...
Белыя...