epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

На той зямлі...

На той зямлі, што родная з калыскі,

пранесліся пякельныя вятры.

Стаяць у кожнай вёсцы абеліскі,

над кожным зорка памяці гарыць.

 

Тут кожнага чацвёртага забрала

Вялікая Айчынная вайна...

Няўжо камусь ахвяр тых стала мала

і гора шчэ не выпіта да дна?

 

У дзень, калі жаўрук спяваў над полем

і ў квецень светлую ўбіраўся мірны сад,

узбунтаваўся, вырваўся на волю

нябачны вораг — ядзерны пірат.

 

Насіўся над пакутнаю зямлёю,

як ненажэрны стогаловы змей,

гатовы знішчыць быў усё жывое —

не шкадаваў ні кветак, ні дзяцей.

 

Утаймаваць яго было нялёгка:

як у вайну, ішлі салдаты ў бой.

Каціўся ад Чарнобыля далёка

і ўсенародным станавіўся боль.

 

Той боль не згас, пячэ душу і сёння,

ён заклікае пільнымі нас быць,—

ні «зорных», аніякіх іншых войнаў

не дапусціць!