Над жытнёвым полем — дзве вясёлкі,
значыць, дождж не вернецца назад.
Выпускаюць смела перапёлкі
з-пад крыла на волю пылянят.
Нам, людзям, што пакарылі неба,
расшчапілі атама ядро,
прыкмячаць нібыта і не трэба:
з чым прыходзіць зло,
а з чым — дабро.
Век эксперыментаў і прагнозаў,
электронных робатаў-машын
клопаты глабальныя прыносіць,
з імі ўжо не справішся адзін:
сёння цяжка нават міліёнам
прадказаць, дзе спеліцца паліп,
што дасць волю вылюдкам шалёным
над зямлёй узняць смяротны грыб.
Што ж, у стозе не знайсці іголкі,
з мора век не вычарпаць вады...
Нам жа трэба вынайсці вясёлку,
каб гарантавала ад бяды!