epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Народны дом

У Празе,

златай Празе,

многа славутых мясцін:

каменных градаў і храмаў,

мадэрных палацаў са шкла і бетону —

аж разбягаюцца вочы.

Ды сэрца вядзе

на Гібернскую вуліцу,7,

у Народны дом,

дзе ў студзені 1912-га

праходзіла VI Усерасійская

канферэнцыя РСДРП.

 

У Празе,

златай Празе,

стаяла тады зіма,

не такая суровая, як у Расіі,

але ўсё ж зіма

з лёгкім калядным марозікам.

Як некалі ў Шушанскім,

вярнуўшыся з палявання,

Уладзімір Ільіч

абтрусіў на ганку снег з шапкі

і адчыніў дзверы Народнага дома —

не толькі для сябе.

 

У Празе,

златай Празе,

на Гібернскай вуліцы, 7

не зачыняюцца дзверы Народнага дома —

з усіх кантынентаў прыязджаюць людзі,

каб наведаць музей Уладзіміра Леніна.

 

У Празе,

златай Празе,

не толькі ў пакоях Народнага дома —

на ўсіх вуліцах і плошчах,

на заводах і ў кватэрах

гучыць голас вялікага Леніна,

які абудзіў прыгнечаных

і пакрыўджаных

і згуртаваў працоўных

на штурм капіталу.

 

У Празе,

златай Празе,

на Гібернскай вуліцы, 7

ёсць Народны дом,

які стаў Міжнародным домам —

месцам сустрэч

чыстых сэрцам людзей.