Няма і ў ціхім лесе
гарантый ад бяды.
На свежым пульхным снезе —
ваўчыныя сляды.
Бы толькі што драпежнік —
падпалыя бакі —
з алешніку ў арэшнік
галёпаў нацянькі.
Галодны і азяблы,
забыўшы ўсякі страх,
з разяўленаю зяпай
ён зыркаў па баках,
шукаў сабе ахвяру,
спыняўся, нюхаў пні,
на жываце поўз ярам,
стаяў каля сасны,
спрактыкаваным вокам
уважліва сачыў...
Напружыўся і — скокнуў
праз цёмныя карчы...
Скрываўленае пер’е
чарнее каля пня,—
якаясьці цяцера
папала ў пашчу звера...
І зноўку — цішыня...
Няма ж і ў ціхім лесе
гарантый ад бяды:
пайшлі далей па снезе
ваўчыныя сляды.