Не цугляйце, хлопцы, песню
пад гітарны ўсхліп.
Нечым юным,
нечым веснім
пахне лісце ліп.
Вы ж бароды, як сумёты,
распусцілі,— проста смех,—
наганяеце сумоту:
— Сне-е-е-ег, сне-е-ег, сне-е-е-ег...
Снег, ён іншы раз бывае
лепшы за траву,
калі мроя маладая
кружыць галаву;
калі ёсць каханне ў сэрцы,
дык не страшны й лёд,—
вы на слова мне паверце,
носьбіты барод.
Ці ж не юным,
ці ж не веснім
пахне лісце ліп?
Не цугляйце, хлопцы, песню
пад гітарны ўсхліп!
Дайце ёй прастор і волю,
дайце ёй разгон,
каб да ранку ў чыстым полі
разлягаўся звон;
каб запеўкаю бадзёрай
абтрусіла сад
і з-пад матчыных назораў
выгнала дзяўчат,—
тых, што кожнаму да пары
нестае якраз,
без якіх рыпяць гітары,
як засохлы вяз.