Не п’ю, не куру,
а старэю ўсё роўна,
губляю адвагу
і слодыч надзей,
на зорнае неба гляджу ўжо спакойна,
і мора мне сніцца радзей і радзей.
Ах мора!
Тугія блакітныя хвалі,
і белая пена,
і горкая соль,
бяздоннае неба,
бясконцыя далі,
і радасць адкрыццяў,
і страт горкі боль.
Здавалася, будзе ўсё гэта ў мінулым,
суцешаць душу дабрабыт і спакой...
Прайшла зноў ты міма,
ў мой бок не зірнула,
растала,
як чайка ў сінечы марской...