Размова з Абдукапарам Халмурзаевым, каняводам саўгаса «Джэтысу» Алма-Ацінскай вобласці.
Я:
У вашым статку добрых коней многа.
Скажы-парай, каторы з іх — Пегас,
што мог бы з ходу проста на Парнас
мяне прывезці коўзкаю дарогай?
Абдукапар:
— Такіх няма.
Я:
— Чаму?
Абдукапар:
— Патрэбен час,
каб вызначыць мяжу надзвычай строга,
што дзе ідзе ад д’ябла, што — ад бога,
дзе воцат кіслы, дзе салодкі квас.
Пакуль жа будзеш ты гадаць і марыць,
куды нацэліць вастрыё пяра:
на ганьбу зла ці на ўхвалу дабра,—
лёс выбера сабе між тым ахвяру —
якогасьці няўклюду-песняра,
каб, як пухір, узнесці аж пад хмары.