Не заплятаць бярозам косы,
не кратаць занізкі рабін,
не слухаць птушак шматгалоссе —
у лес прыйшоў я па грыбы.
Ялінак лапкі падымаю,
абшнарваю беразнякі
і, не шкадуючы, зразаю
баравікі і казлякі.
Грыбныя ўсе прайду мясціны,
прайду цішком, без лішніх слоў
і светлай баравой данінай
напоўню кошык да краёў.
Прыйду дамоў, і прыме жонка
той кошык, як свяшчэнны дар,
мне зробіць гэткую пражонку,
якой не еў, напэўна, цар.