epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Пачэсная прафесія

Я — мірны хлебароб,

я — майстар ураджаю,

сваёй зямлі слуга і гаспадар,

як чараўнік,

вясною абуджаю,

у квецень прыбіраю ўвесь абшар.

 

Раллю затчэ густая рунь пшаніцы,

што будзе прыгажэць

і зелянець,

у трубку пойдзе

і закаласіцца,

адкрасаваўшы,

каласы налье.

 

І кожная сцяблінка ў полі гэтым

сагрэта сонцам

і пяшчотай рук.

А як даспее залатое лета,

багаты плён

камбайны сабяруць.

 

На ўсе сталы,

для кожнай хаты, дома

хлеб выпекуць з пшаніцы залатой.

Мая прафесія хоць простая, вядома,

але я ганаруся ёй.