Пакладзі галаву мне на грудзі,
радасць пі, нібы сонца з карца.
Што нам будзе?
Нічога не будзе!
Без пачатку няма і канца.
Не ліняе бясконцае неба.
Не спыняецца бег вечных рэк.
Абяцанкаў ніякіх не трэба —
песня сэрцы яднае навек.
Адцвіла і засохла мятліца,
ды вярнуцца сюды зноў вясне.
На цябе я не ўмею маліцца,
не маліся і ты на мяне.
Нам у рай не адчыняцца дзверы,
самі ў пекла не пойдзем цяпер.
Я не веру ў каханне без веры,
ты ў давер без кахання не вер.
Адгані прэч трывогі, сумненні,
радасць пі, нібы сонца з карца.
Мы не помнім пачатку здзяйснення
і не хочам прадбачыць канца.