Муза, прагная спакусы,
прытвараецца дзяўчынай:
фарбай вымазала вусны
і прыпудрыла маршчыны,
сівізну сваю прыправіць
хной і модным перманентам:
— Жніце кветкі ранняй славы,
легкадумныя паэты,
моднае цяпер убранне —
недаспелыя куплеты,
недаспелыя,
недапечаныя,
хмелем велічы
пераплеценыя.
З вершыкаў зялёненькіх —
вяночкі кучаравыя,
бязвусыя паклоннікі
скажуць:
«Гэта лаўры».
Ці ж не верыць маладым?
Слепіць вочы славы дым.
А затым?
Затым, вядома,
самі ўбачыце — салома!..