Газеты даўнія чытаю —
дзяцінства «рай» успамінаю:
забыты і трывожны час,
з прыгонным статусам калгас,
што з працаднём пустапарожнім
лічыўся моцным і заможным,
бо першым хлеб Дзяржаве вёз...
Чырвоны, помню, плыў абоз;
з партрэта правадыр вусаты
глядзеў на згорбленыя хаты,
нібы сачыў, ці ўсё забраў,
ці не пакажуцца з-за брам
кулацкія хвасты-бароды
і маскі «ворагаў народа»...
На выгляд дэспат просты быў:
скуласты, сыты і рабы,
з шчаціністымі валасамі,
з усмешкай хцівай пад вусамі,
з пяшчотай Каіна ў вачах,
з драўлянай піпкай у зубах...
Насіў шынель і фрэнч суконны
(пад старасць начапіў пагоны),
на мудрай галаве — картуз,
вялікі, круглы, як гарбуз;
абуты ў хромавыя боты,
«Вёў,— жартавалі,— нас балотам».
І тых, хто жартаваў заўзята,
адвозіў ён у Курапаты,
а там падручных зграя ўмела
угаманіць душу і цела...