Пастукала сонца —
мой друг залаты —
у шыбу рукою гарачай:
— Заседзеўся, браце,
над вершамі ты,
вясну правароніш, няйначай.
Паслухай, як звонка
звіняць капяжы,
вятрыскі шугаюць над гаем.
Зірні — каля ўзлесся
паветра дрыжыць,
пупышкі бяроз набухаюць.
Я сшытак адклаў
і хутчэй — на прастор,
на волю,
пад сонца,
пад вецер,
туды, дзе ласіныя пацеркі
бор
на гнуткае вецце
развесіў.
Там, думаю, першым
змагу я вясну
сустрэць на праталінах цёплых,
на поўныя грудзі паветра ўдыхнуць
і сокаў напіцца жыццёвых.
Ды што гэта?
Праўда, спазніўся, дзівак,
праспаў,
правароніў,
прамарыў...
Не я,
а сусед мой — гарэза юнак
вясну ўжо вядзе
па бульвары.
Семнаццаць гадоў ёй.
Пагляд аж пяе...
На шчоках—ружовыя ўспышкі...
І грудзі
пад тонкім жакетам яе —
тужэй,
чым на дрэвах пупышкі.