У хмарах сонца стала патухаць —
спалохана трава прыціхла і прыгнулася.
На сцэну выбегла маланка галяком,
красою асляпіла ўсіх і знікла.
На друзачкі, як шкло пад малатком,
разбіўся гром аб востры грэбень лесу.
І лінуў дождж знянацку, бы з вядра,
каб напаіць дасхочу ўсё жывое.