Воблакі плывуць над абеліскам,
як гады, плывуць за небакрай.
З непакорным, працавітым Мінскам
зноў сустрэўся
пераможны Май.
Распускае почкі бэз у скверы.
Гальштукі праменяць цеплыню —
ганаровай вартай піянеры
сталі
каля Вечнага Агню.
І на збор да плошчы Перамогі
ветэраны едуць у метро,
на грудзях іх па ранжыры строгім
ззяе бронза,
свеціць серабро.
Не вярнуцца з захаду вятрыскам!..
Родны край, пад сонцам расцвітай!
...Воблакі плывуць над абеліскам,
як гады,
плывуць за небакрай.