Зноў на гары Траецкай,
там, дзе гуляў малым,
Мінск прапісаў навечна
цябе, наш Максім.
Ясені і каштаны
памаладзелі зусім.
Вершы на памяць чытаем
твае, наш Максім.
Вечар зямлю лагодзіць.
Моўчкі ў абшар глядзім:
зорка Венера ўзыходзіць
твая, наш Максім.
Дрэвы шапочуць веццем...
Тчэцца зары кілім...
Дзень залацісты прывецім
з табой, наш Максім.