Той дзень я ў памяці збярог
ва ўсіх яго дэталях.
Другую лінію метро
у Празе адкрывалі.
На сонца жнівень быў скупы,
для свята ж пастараўся:
прамыты дожджыкам сляпым,
яснеў у промнях ранак.
Сышліся тысячы людзей
на Вацлаўскую плошчу,—
і горад яўна маладзеў,
і маладзелі вочы.
Гарэлі словы, як давер,
ярчэй за ружы-кветкі:
і «ЧССР», і «СССР»,
і «сполечне навекі»,
Для метрабудаўцаў Масквы
вянок сплятала слава...
Прайшлі праз калідор жывы
кіраўнікі Дзяржавы.
Разрэзаў стужку Прэзідэнт,
узняў руку: «Чэсць працы!» —
і запрасіў нас паглядзець
падземныя палацы.
Па эскалатарах уніз
мы ехалі без спешкі,
і ззялі весела агні,
і весялелі ўсмешкі.
А вось і станцыя! Святлом
залітыя пероны,
заходзілі, бы ў родны дом,
мы ў светлыя вагоны,—
перадавалі свой настрой
наступным пасажырам...
Пражане едуць у метро
з Градчан на плошчу Міру.