Прыйду я да цябе адтуль
кропляй майскага дажджу,
спачатку павісну на вейцы,
а затым з куточка вока
пакачуся па шчацэ слязой,—
гэта не страшна.
Прыйду я да цябе адтуль
пышным бутонам ружы,
буду табе бясконца ўсміхацца,
цягнуцца да вуснаў пялёсткамі,—
гэта не страшна.
Прыйду я да цябе адтуль
шэптам вішнёвай лістоты,
у ім ты пачуеш чаканыя словы,
якіхне паспеў я сказаць табе тут,
пачуеш маю тугу, мой боль,—
гэта не страшна.
Калі ж не адчую спагады тваёй,
прылячу я да цябе адтуль
імклівай стралою маланкі,
праб’ю наскрозь тваё халоднае сэрца,
спапялю тваё кволае цела,—
гэтага бойся!