Бяжыш, спяшаеш — не спазніцца б
на месца радасных падзей,
навін старонак, можа, трыццаць
збярэш у свой блакнот за дзень,
каб раніцою
працы сведкай
дыхнула чытачам у твар
двух- трохрадковая заметка
з кароткім подпісам:
Наш кар.
Каму там з чытачоў газеты
цікавы аўтар двух радкоў?!.
Ты ж рад,
бо радасць і не ў гэтым,
а ў тым,
што расказаў ты свету
пра дасягненні землякоў.