Перад залікамі ў пісьме
прыслала ты рамонкаў кветкі,
якія пагадалі мне,
як пахнуць родныя палеткі.
Прыпомнілася, што якраз
цяпер красуе ў полі жыта
і, як вясной разліў Дняпра,
лён усміхаецца блакітам.
Я веру: прывядуць мяне
ізноў на родныя палеткі
рамонкаў прыдарожных кветкі,
што ты прыслала мне ў пісьме.
1954