Не першы раз
кажу табе:
— Бывай!
Хачу,
каб зноў было —
і не апошні.
Тут песні,
як віно,
ліюцца цераз край
і сонца промнямі
лагодзіць плошчы.
Я ў вернасці
клясціся не прывык.
Каго люблю,
той сам адчуе гэта.
З праспектаў
і завулачкаў крывых
збіраю фарбы
для твайго партрэта.
Нялёгка расставацца
мне з табой,
авеяная славай,
Браціслава,
дзе пад нямой
цюльпанавай журбой
сон землякоў-салдат
вартуе Славін.
Не першы раз
кажу табе:
— Бывай!
Засмучаны
разлукай непазбежнай,
я помніць буду
мост цераз Дунай
і прамяністы шпіль
Міхальскай вежы.
Паціснуць рукі
верныя сябры,
Дунай здаля
махне блакітнай хваляй
святым святлом
засвецяцца знутры,
кіўнуць
платаны з парку
Янкі Краля.
Гасцінны горад,
ты мяне чакай
зімой і летам
ля прысад
надрэчных!
Не першы раз
кажу табе:
— Бывай!
І дадаю з надзеяй:
— Да сустрэчы!