Цямнее ўваччу, хоць асветлена зала,
мурашкі бягуць па спіне,
руку працягнуў ты, якая пісала
калісьці данос на мяне.
— Дзень добры! —
лісліва ўсміхаюцца вочы,
на шчоках — лагоды прамень.
Я ведаю добра, што сёння ты хочаш,
каб я ўжо не помніў той дзень.
А я не забыў.
Ці ж забудзеш такое?
Жыццё маё й сёння — не мёд...
Мой лёс быў зламаны вось гэтай рукою,
халоднай і слізкай, як лёд...
Не, я не злапомны, скандаліць не стану,
навошта мне новае зло?
Навошта вярэдзіць адкрытую рану,
вяртаць, што навекі сплыло?
Употай насоўкай руку выціраю,
нібы ад заразы якой.
Сваёй праваты вышыню вымяраю
нікчэмнасцю чорнай тваёй.