Рыхтуй мне, лёс, і боль, і гнеў,
і незлічоныя турботы,
каб я пад старасць не здзічэў
ад славы, тлушчу і ляноты.
Рыхтуй мне, лёс, тугу дарог,
спякоту, холад, голад, смагу,
каб я да дзён апошніх мог
цаніць і посах і біклагу.
Рыхтуй мне, лёс, і пуд, і жах,
і боль па незваротных стратах,
каб прад нашчадкамі ў вяках
не адчуваў ніякавата.
Рыхтуй мне, лёс, грабёж, разбой,
паклёп, знявагу, пакаранні,
каб часам не панёс з сабой
упічышчаў і нараканняў.
Рыхтуй мне, лёс, апошні ўдар,
бязлітасны і бессардэчны,
на грудзі — усёй зямлі цяжар
і не часова ўжо, навечна.