Мне транзістар — не спакуса,
ён грыміць чужыя песні
ды бубніць чужыя танцы
і заўсёды — неўпапад:
я сумую — ён смяецца,
весялюся — ён сумуе,
танцаваць хачу — ён цягне,
як назло, жалобны марш...
Лепш сыграю на цымбалах,
тых, што сам зрабіў калісьці
у бары каля Бярозы
басаногім хлапчуком:
промні сонца нацягнуў я,
нібы залатыя струны,
між рагоў шырокіх, пругкіх
быстраногага лася.
Лось той — лёс мой,
нестрымана
ён бяжыць у даль нямую,
галаву задраўшы горда,
капытамі б’е зямлю.
На спіне яго сяджу я,
зачарованы імкненнем,
летуценнямі спавіты,
сам сабе — гусляр і цар.