Цяпер табе, напэўна, лёгка
з любоўю вёску ўспамінаць,
калі яна ўжо так далёка:
на дах залезеш — не відаць;
калі травою-муравою
сцяжынка ў школу зарасла,
што залатою раніцою
цябе ў вялікі свет вяла;
калі забыў,
як пахне грэчка,
як лён цвіце,
як хлеб расце,
на золку сын — не твой, а нечы
бяжыць за статкам па расе;
калі ўжо ў апусцелай хаце
штодня з цямна і да цямна
цябе не выглядае маці
праз шыбку потнага акна;
калі ўжо на магілах продкаў
згнілі дубовыя крыжы...
Цяпер табе, напэўна ж, лёгка
па вёсцы плакаць і тужыць,
шукаць адценні ў родным слове,
любіць быццё аднасяльчан...
...Ды вёсцы ад тваёй любові
няма палёгкі ні на гран!