Як на сходзе
пры народзе
біў у грудзі Смык Валодзя:
— Выступаць я не прывык,
ды скажу адкрыта:
гэны самы гасразлік
нам усё наблытаў.
Ані толку,
ані ладу...
Дзе шчэ ўбачыш глум такі?
І арэндныя брыгады,
і сямейныя падрады...
Гэта ж, братцы, кулакі!
Эгаісты!
Скупярдзяі!
Жмоты!
Жмінды і звяры!..
У хаўрус свой не прымаюць,
кажуць:
«Ты для нас стары».
А які я ім стары?!.
Мне ўсяго шчэ дваццаць тры.
Я здаровы
і вясёлы,
адзіноты не цярплю,
захапляюся футболам
і кампанію люблю.
На ігрышчах,
на гулянках
не шкадую ног сваіх.
І пры мне заўсёды — шклянка,
каб распіць штось на траіх.
А яны:
стары,
стары...
Во сквалыгі!
Во звяры!