На скале высокай замак —
для Славакіі не дзіва,
гэта Спіш, Чэрвены камень,
Быстрыца, Арава, Дэвін.
Працавітыя славакі
будавалі іх трывала,
край свой пільна вартавалі
ад варожае навалы.
І калі падступіць вораг
незлічонаю ардою,
замыкалі ўсе вароты,
напаўнялі роў вадою.
Мелі ў замку ўсё, што трэба
пры шматмесячнай асадзе:
зброю
і запасы хлеба,
мёду,
мяса,
масла,
сала.
І праз тоўсты пласт граніту
да падземнае крыніцы
студня там была прабіта,
каб усе змаглі напіцца.
Быў свой млын,
свая пякарня,
кузня, дзе кавалі зброю,
і сталярня,
і ганчарня,
і тартак,
і нават бровар.
І жылі славакі ў замку
без абраз і нараканняў,
уставалі на світанку,
працавалі да змяркання.
Хлопцы ладзілі гулянкі,
песні, скокі да паўночы,
а пасля сваіх каханак
цалавалі ў вусны,
вочы.
Бо няма на свеце сілы
і няма такой асады,
каб жыццё яны спынілі,
адмянілі сэрца ўладу.