Над рунню жыта ўзвіўся
і павіс на нітцы промня жаваранак,—
сярэбранай песняй
звоніць ён у купал неба.
Паміж кустоў альховых
булькоча рачулка,
у соннай яе завоіне
маці мочыць сувой палатна
і рассцілае яго
на казяльцовым лузе...
А я, пяцігадовы неслух,
бягу па гэтай мокрай сцежцы,
аж пырскі ляцяць з-пад босых ног.
Усё гэта зноў бачу,
усё гэта зноў чую,
слухаючы Дворжака.