Звоняць, звоняць, звоняць, звоняць
звоняць бомы пад дугой.
Наўскапыт нясуцца коні
па дарозе палявой.
Белы, белы, белы, белы,
белы свет, калядны снег...
Каруселім ля аселіц,
нібыта ў чароўным сне.
Ззяюць, ззяюць, ззяюць, ззяюць,
ззяюць зоркі ў вышыні
і, халодныя, не знаюць,
што такое — шчасця міг.
Смейся, смейся, смейся, смейся,
смейся — долі не суроч!
Пахудзелы жоўты месяц,
як сабака, скача ўзбоч.
Дзе мы, дзе мы, дзе мы, дзе мы,
дзе мы вырвемся з кальца?
І дарога — як надзея,
і надзея — без канца.
Дзякуй,дзякуй,дзякуй, дзякуй,
дзякуй, любая, за сон.
Перасталі цуглі звякаць,
сэрцы б’юцца ў унісон.
Словы, словы, словы, словы,
словы — што? Чытай пагляд!
...На сцяне — пейзаж зімовы,
за сцяной — у цвеце сад.
Лісце, лісце, лісце, лісце,
лісце ліпне да акна...
Рукі дрогкія спляліся,
вусны палкія зліліся.
Май.
Вясна.