На Эдуарда Валасевіча
Аладак неяк захацеў паэт,
а грошай на муку ў кішэні не хапала
(за байкі плацяць вельмі ж мала!),
ну хоць ліжы закураны загнет.
Ён да рэдактара:
— Частуй як след!
Вось непрыемны сапраўды выпадак...
Рэдактар толькі што закончыў свой абед
і кажа:
— Пацярпі, я напяку аладак.
Рэдактар аказаўся добрай гаспадыняй,
праз міг аладак рэшата нясе на стол:
— Сілкуйся, брат, а то прастынуць...
Паэт пакаштаваў і... замычаў, як вол.
(А справа ў тым, што гаспадар спяшаў
і ў цеста солі многа намяшаў.)
Гавораць, на спіне бывае перасол,
але паэт характар меў лагодны,
і выгляду ён нават не падаў,
аладку за аладкай умінаў,
бо быў, як помніце, галодны.
І, выцершы далоняй губы,
яшчэ закваскі выпіў кубак,
рэдактара абняў,
— Ну дзякуй, родненькі,— сказаў,—
я сыт. Даволі!..
Шукаеце вы ў байцы солі?
А соль усю паеў паэт.
Рэдактара ён крыўдзіць не хацеў,
каб той маралі ў байках не шукаў,
хутчэй пускаў у свет.