У цяслярскай справе
быў мастак Пахом:
каб паправіць браму,
разламаў ён дом.
А ці быў бы ён ля місы,
каб не йшоў на кампрамісы?
Вучыць Ліса гаспадара:
— Прагані Сабаку з двара,
бо сядзіць ён ля дзвярэй
і палохае Курэй,
часта брэша здуру —
не нясуцца Куры.
Мала быў ляснічым Проў,
наламаў жа многа дроў.
Гэта хлопчык.
А хто — тата?
Не знайсці без адваката.
Быў Мікіта знакамітым,
як сядзеў ён ля карыта.
А прагналі ад карыта —
незаўважным стаў нібыта.
Напісаў Лявон трактат —
вінегрэт з чужых цытат.
Пахваліў яго прафесар,
ён Лявону — родны брат.
Перабудове я
заўсёды рады,
пакіньце толькі мне
маю... пасаду.
З ранку ў канторы — аўрал, бегатня,
лічаць бухгалтары і старшыня,—
як з фармалізмам змаганне вядзецца,
зводкі ў раён патрабуюць штодня.
Кажа брыгадзір механіку Алесю:
— Скокні, браце, на адной назе,
падмяні шліфоўшчыка, бо змерзне —
за віном стаіць ён у чарзе.
Стаў тэлевізар нешта «барахліць»,
і давялося майстра запрасіць.
Цяпер няма палос больш на экране —
бясконца ён мігціць, мігціць, мігціць...
— Ратуйце!.. Б’юць мяне! — пачуўся крык,
аж здрыгануўся ў небе маладзік.
Кудысьці раптам знік-прапаў дружыннік,
вось толькі тут стаяў і — бач ты! — знік...
Адзін сябрук мой добры, галоўбух,
дастаў адзін мне імпартны кажух,
я падпісаў яму адну паперку...
Чаму ж сядзім за кратамі мы ўдвух?