Як дзіця ў матчыным наручы,
мільёны гадоў
у абдымках сонечных промняў
песціцца
самая прыгожая з усіх планет —
наша Зямля,
адзіная ў Сусвеце,
на якой ёсць цуд з цудаў —
жыццё.
Жыве трава,
жыве дрэва,
жыве казяўка,
жыве рыбіна,
жыве змяя,
жыве звер,
і самым поўным жыццём жыве чалавек.
Чалавек працуе,
чалавек вучыцца,
чалавек кахае,
чалавек смяецца,
чалавек плача,
чалавек думае...
Аб чым чалавек думае?
Я — чалавек
і больш за ўсё думаю пра шчасце.
А што такое шчасце?
Ніхто не можа адказаць
на гэтае пытанне,
бо ў кожнага яно сваё —
шчасце,
сваё і непаўторнае.
На самай прыгожай з усіх планет —
на нашай Зямлі
пазнаць шчасце
могуць толькі жывыя людзі.
Шчасце і жыццё — непадзельныя.
Людзі імкнуцца да шчасця,
людзі шукаюць шчасце,
людзі змагаюцца за шчасце,
і гэта — адзнака не толькі нашага часу:
колькі існуе чалавек,
столькі ён і марыць пра шчасце.
Шчасце — гэта здабытак чалавека,
плён яго імкнення,
плён яго розуму,
плён яго працы,
плён жыцця.
Шчасце і жыццё — непадзельныя.
Што я чую?
Няўжо чалавек мог сказаць такое?
Няўжо хто з людзей мог такое
выспеліць у галаве?
Няўжо мог такое сказаць чалавек —
жыхар нашай прыгожай Зямлі —
адзінай населенай планеты ва ўсім Сусвеце?
Няўжо хто з людзей
можа марыць пра шчасце
без жыцця?
Блісне, кажаш, у небе маланка
і знішчыць усё жывое:
людзей,
звяроў,
птушак,
рыб,
паўзуноў
і насякомых...
А рэчы застануцца,
адны рэчы:
машыны,
шыфаньеры,
тэлевізары,
крэслы-ложкі:
электронныя гадзіннікі,
плашчы, курткі, кашулі, сукенкі...
Навошта ж мне тыя рэчы,
калі самога мяне не будзе?
А ты,
аўтар гэтай дзікай зброі,
таксама ж лічыш сябе чалавекам?
Для цябе — што? —
будзе выключэнне
і ты застанешся жывым,
адзін
на ўсёй нашай планеце,
зробішся ўладаром чужых рэчаў?..
І ў гэтым будзе тваё шчасце?
Вар’ят,
перастань займацца глупствам!
Адзінокаму,
якім бы ні быў ён багатым,
немагчыма стаць шчаслівым.
Слова «смерць» не спалучаецца
са словам «шчасце».
Непадзельныя толькі шчасце і жыццё.
Вось чаму
усе насельнікі Зямлі —
адзінай у Сусвеце планеты,
на якой ёсць цуд з цудаў —
жыццё,
праклінаюць
тваё д’ябальскае вынаходства.
адзіпадушна кажуць
рашучае «Не!»
вайне.