Марыла Сунклета,
лёгшы на чарэнь:
«Вось надыдзе лета,
будзе доўгі дзень,—
я тады рупліва
ў хаце прыбяру,
вымыю бялізну,
посуд ператру...»
А настала лета,
рай — у вішняку;
зноў ляжыць Сунклета
на баку ў цяньку;
пазяхне лянотна,
выгнуўшы спіну:
«Вось спадзе спякота,
працаваць пачну...»
А за летам — восень,
блізка ўжо зіма.
Мыць бялізну, посуд
часу ўсё няма,—
плечы грэць Сунклета
легла на чарэнь.
— Вось надыдзе лета,
будзе доўгі дзень...