epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Сыны

Сніўся старой вешчы сон:

быццам прыбіліся да берага

тры падранкі-качкі,

узяла іх на рукі —

кроў закапала на зямлю...

Гэта знак, што будуць госці,

крэўныя, трое...

няйнакш прыедуць сыны, усе разам...

Якая радасць!

Устае матуля рана,

запальвае ў печы,

гатуе абед,

грэе ваду, мые талеркі:

гэтая, з сіняй аблямоўкай,— Пецева,

гэтая, з кветачкамі,— Мішава,

гэтая, чысценькая,— Грышава.

Ставіць талеркі на стол:

Пецева месца — на куце,

Мішава — каля акна,

Грышава — на ўскраечку,

ён ніколі не даядае, бяжыць на гулі...

Дастае матуля з куфра

квяцістую гарусавую хустку,

накідае яе на плечы,

выходзіць за веснічкі

і глядзіць, і глядзіць

з-пад рукі на дарогу,

ці не пакажуцца з-за павароту сыны:

большанькі, высокі і статны Пеця,

сярэдненькі, плячысты Міша,

меншанькі, шчуплы, вяртлявы Грыша.

 

Сонца падымаецца ў зеніт,—

чакае матуля.

Сонца апускаецца за лес,—

чакае матуля.

Змяркаецца,—

чакае матуля.

Цямнее,—

чакае матуля

сваіх сыноў:

большанькага Пецю,

які прапаў без вестак,

сярэдненькага Мішу,

што згарэў у самалёце,

меншанькага Грышу,

павешанага фашыстамі...

Як доўга яны ідуць!

Відаць, здарожыліся,

зноў не паспелі на абед...